Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

"Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь"

Дата: 30 января 2017 в 12:34, Обновлено 7 мая 2020 в 15:49

"Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь"

Мэта: фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму

Задачы:

выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця гонару за нашу краіну і яе герояў, павагі да яе навуковых дасягненняў;

садзейнічаць развіццю сацыяльнай і творчай актыўнасці

Абсталяванне: мультымедыйны праектар

Беларусь!

Люблю цябе ў веснавых праталінах,

У белай хустцы маладых снягоў.

Як на грыбы, багата ты на таленты -

 Пільней глядзі і нерушы знаходзь.

Р.Барадулін

Уступнае слова настаўніка

         Беларусь… Прыгожым кляновым лістком раскінуліся твае абсягі. А камусьці твае абрысы нагадваюць постаць магутнага зубра. Вось такая ты, наша краіна, - трапяткая, нібы лісток, і магутная, нібы зубр.

      Беларуская зямля славіцца сваімі гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі,зялёнымі багатымі і прыгожымі лясамі, лугамі і палеткамі.

       Нашу краіну называюць яшчэ краінай блакітных  рэк і азёр: Заходняя Дзвіна, велічны Дняпро, Нёман, Прыпяць, Нарач, Свіцязь. Гэта не проста назвы. За кожнай назвай свая чароўная легенда або паданне. І ў кожным – жыццятворная дабрыня і мудрасць, перададзеная продкамі нам, іх нашчадкам.

     Вясной над нашай краінай, распасцёршы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы – хто лічыў? Мо  і таму, мне здаецца, у гэтыя, і не толькі ў гэтыя, дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць “зямлёю пад белымі крыламі”. У пэўнай ступені, бусел – сімвал Беларусі.

       Але галоўнае багацце любой краіны – яе людзі, якія жывуць тут, ствараюць новыя матэрыяльныя і духоўныя багацці, зберагаюць іх, каб перадаць нашчадкам.

О, Беларусь! Мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

Зямны паклон табе, Радзіма,

Тваім палям, тваім лясам,

Тваім заводам з белым дымам,

Тваім гасцінцам і шляхам.

На спелых нівах ураджайных,

Ад краю у край, ва ўсе канцы,

Махаюць крыламі камбайны,

Спяваюць жнеі і касцы.

      Кожны народ будзе моцным тады, калі будзе трымацца сваіх каранёў, ведаць сваю гісторыю, шанаваць сваю спадчыну.

Вядучы.                       

             Родная мова, цудоўная мова!

         Ты нашых думак уток і аснова!

         Матчын дарунак ад самай калыскі,

         Ты самацветаў яскравая нізка...

Гэтак цудоўна сказаў пра нашу мову Уладзімір Дубоўка. Без нашай мовы не было б і нас, беларусаў.

         Вядучы. Звернемся да залатога фонду нашай мовы, да тых адзінак, якія называюць залацінкамі народнай мудрасці. Гэта прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, якія робяць нашы выказванні больш яркімі, каларытнымі, “смачнымі”. Мы выкарыстоўваем іх у маўленні, аднак ці заўсёды правільна і дарэчы? Высветлім, што вы ведаеце пра гэтае моўнае багацце.

Вядучы кажа пачатак прыказкі, а ўдзельнікі — яе заканчэнне.

         Ваўкоў баяцца ... ( у лес не хадзіць).

         У чужым воку саломку бачым... (у сваім бервяна не заўважаем).

         Хто апарыцца на малацэ... ( той і на ваду дзьмухае).

         Было б балота... ( а чэрці знойдуцца).

         Век жыві... ( век вучыся).

         Гром не грымне... ( мужык не перахрысціцца).

         Гультай за работу... ( мазоль за руку).

         Каб ведаў, дзе ўпадзеш... (то саломкі падаслаў бы).

         З ваўкамі жыць... ( па-воўчы выць).

Беларускі народ склаў вялікую колькасць прыказак, прымавак, якія адлюстроўваюць працу чалавека, з’явы прыроды.

Паспрабуйце суаднесці назвы месяцаў з іх прыкметамі:

  • У лістападзе гола ў садзе
  • Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць
  • Студзень зямлю студзіць
  • Пытаецца люты ці добра абуты
  • Сакавік часам снегам сее, а часам сонцам грэе
  • Май – жывёлу ў поле пхай
  • Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць
  • Ліпень пякучы, але даручы
  • Чэрвень не гуляе – ураджай мае
  • Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць
  • Кожная хата ў жніўні багата
  • Як настаў верасень, дык туман кожны дзень

ВядучыКультура не ствараецца сама па сабе, культуру ствараюць людзі. Наколькі добра вы ведаеце знакамітых людзей, якімі ганарыцца Беларусь? Вы трымалі карткі з пераблытанымі звесткамі. За 2 хвіліны вам трэба прывесці іх у парадак. За правільны адказ — 1 бал.

1) Янка Купала, 2) Францыск Скарына, 3) Ігнат Буйніцкі, 4) Мікола Ермаловіч, 5) Стафанія Станюта, 6) Эмілія Плятэр, 7) Ігнат Дамейка, 8) Лявон Вольскі, 9) Браніслаў Тарашкевіч, 10) Яўхім Карскі, 11) Барбара Радзівіл, 12) Вацлаў Ластоўскі, 13) Вітаўт.

а) вучоны, геолаг; б) прарок беларускай нацыі; в) актрыса; г) стваральнік беларускай граматыкі; д) першадрукар; е) гісторык; ё) удзельніца паўстання 1830-1831 гг.; ж) стваральнік нацыянальнага тэатра; з) гісторык, пісьменнік, палiтычны дзеяч; і) удзельнік рок-гурта NRM; к) вялікі князь; л) лінгвіст; м) жонка караля Жыгімонта Аўгуста.

Адказы 1б, 2д, 3ж, 4е, 5в, 6ё, 7а, 8і, 9г, 10л, 11м, 12з, 13к.

ВядучыУсе вы чуліпра род беларускіх магнатаў – Радзівілаў. Гэта былі вельмі магутныя і багатыя людзі. А як ва ўсіх багатых і магутных, у іх былі свае дзівацтвы. Аднаму з іх аднойчы захацелася праехацца на санях. Але на дварэ стаяла лета. Што зрабіў гэты багаты чалавек, каб задаволіць сваю прыхамасць?

    Адказ: засыпаў дарогу соллю.

Вядучы. Адзін вядомы беларускі паэт на пачатку сваёй дзейнасці падпісваў свае вершы псеўданімам А. Граніт, каб падкрэсліць мужны, цвёрды дух сваёй паэзіі. А мы яго ведаем пад іншым псеўданімам, які таксама сімвалізуе цвёрдасць і нязломнасць. Хто гэта?

Адказ: Максім Танк.

Вядучы. Аднойчы Ягайла зняволіў Вітаўта ў Крэўскім замку (як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, з намерам забіць яго) і загадаў моцна пільнаваць. Аднак Вітаўт уцёк. Яму дапамагала яго жонка Ганна, якая кожны вечар з прыслугай прыходзіла да мужа. Якім чынам Вітаўту ўдалося збегчы, ды яшчэ так, што вартаўнікі толькі праз некалькі гадзін заўважылі, што князя і след прастыў?

Адказ: Вітаўт пераапрануўся ў адзенне прыслугі, а тая засталася замест яго ў крэпасці.

Прапаную вашай увазе некалькі пытанняў з гісторыі і культуры Беларусі

Беларусь - незалежная дзяржава. Але наш народ паважае іншыя народы і ганарыцца брацкімі сувязямі. У нашай краіне адзначаецца свята – Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі. Калі адзначаецца гэта свята? (2 красавіка)

Кожная дэталь у гэтым дзяржаўным сімвале мае сваё значэнне. Зялёны колер тэрыторыі Беларусі ў залатых промнях узыходзячага сонца гаворыць аб тым, што гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але і саёй не аддамо. Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне сімвала, утворанага вянком з каласоў. Пра які дзяржаўны сімвал ідзе размова? (герб)

Назавіце важнейшае права чалавека, замацаванае ў канстытуцыі РБ? (на жыццё)

Гэтым будынкам можа ганарыцца кожны грамадзянін нашай краіны. “Храм навукі” мае агульную плошчу 112,6 тыс. м<sup>2 </sup>. На 22 –м паверсе знаходзіцца закрытая назіральная пляцоўка “Панарама”. (Нацыянальная бібліятэка)

Кожны год у нашай краіне ладзіцца шмат святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных памятных дат. Летам мы адзначаем важнае і любімае народнае свята. На яго запрашаюць шмат гасцей з розных краін свету. Гэта свята сімвалізуе еднасць народа і дзяржавы, нашу самабытнасць. Адзначаецца яно ў дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў. Як называецца гэта свята і калі яно адзначаецца? (Дзень Незалежнасці РБ – 3 ліпеня)

        Гераічны шлях прайшла наша Радзіма, каб сёння быць моцнай і квітнеючай.

Таму зараз мы звернемся да тэмы вайны.

“ З агульнай колькасці 9200 беларускіх сёл і вёсак, разбураных і спаленых гітлераўцамі за гады Вялікай Айчыннвй вайны, 4885 было знішчана карнікамі. Поўнасцю, з усімі жыхарамі, было знішчана 627. У Брэсцкай вобласці – 111, у Гомельскай – 70, у Гродзенскай – 24, у Віцебскай – 222, у Мінскай – 92, у Магілёўскай – 108. З часткай насельніцтва было знішчана 4258 сёл і вёсак. У Брэсцкай вобласці – 188, у Гомельскай – 879, у Гродзенскай – 74, у Віцебскай – 1902, у Мінскай – 537, у Магілёўскай – 673.”

Мамачка. пчолкі лятуць.

Можна я палаўлю іх, мама?

Не, не, дачушка, гэта—кулі...

Гэта, дзеткі, вайна…

 (Паказ слайда вайны з надпісам: "Зямля зайшлася ад дыму, ад грому... Сярод белага дня—туманы, туманы...")

Калі над Радзімай пажары шугалі

I неба гуло ад грымот,—

Пад шумнымі соснамі мы прысягалі

 Табе, беларускі народ!

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Першым, хто прыняў ваенны ўдар, была Брэсцкая крэпасць.

Гісторыя, калі ты будзеш пераглядаць кнігі мужнасці строгі змест, -

Не толькі па алфавіце, відаць, на першае месца стане Брэст…

Брэсцкая крэпасць – герой… 22 чэрвеня 1941 года… яшчэ не ўзышло сонца самага доўгага дня года, а світанне разарвалі залпы гармат. Брэсцкі гарнізон уступіў у няроўны бой з фашызмам.

( верш пра Брэст)

У сэрцы адгукнуўся болем

Дзіцячы плач.

У небе над панурым полем

Кружыў крумкач…

Журботны попел, пад каторым

Агонь жыве…

Гарыць сяло за сінім борам

І сэрца рве!...

   Хатынь. Панядзелак 22 сакавіка 1943 г. Немцы ачапілі ўсю вёску і пачалі выцягваць з хат усіх жыхароў: і малых, і старых, і нават хворых. Гналі людзей басанож, па лужынах, па снезе. Старшнае шэсце цягнулася да гумна. Потым немцы зачынілі дзверы, аблілі заднюю сцяну бензінам і падпалілі. Калі загарэўся саламяны дах, і на галовы пасыпаліся іскры, людзі зразумелі, што іх паляць жывымі. Увесь дзень і ўсю ноч гарэла Хатынь, і яшчэ доўга гарэла, пакуль адзін попел не застаўся ад костачак людскіх. Апошнія сведкі вогненнай вёскі—гэта цудам ацалелыя хлапчукі і дзяўчынкі, іх боль, гнеў, недаўменне так і засталіся жыць у іхніх душах

     Гучаць званы Хатыні... Звоняць над спаленымі хатамі, над жыццямі людзей, звоняць над брацкімі магіламі аднавяскоўцаў, над магіламі дзяцей... Звоняць званы над могілкамі 136- ці вёсак, дзе не засталося жыхароў, дзе не збудавана на папялішчы ні адной новай хаты.

Назвы спаленых вёсак засталіся толькі ў памяці народнай, ды на магільных плітах Хатыні— на могільніку вёсак.

У квецені, у замеці,

Над нівамі, над рэчкамі

 Гучы, як сведка памяці,

 Званоў Хатыні рэквіем.

Званіце, званы Хатыні,

Зганяйцесанлівую стынь:

Хай голас народнай святыні

Кране ўсіх краін далячынь.

      Стаіць на зямлі Беларусі, падпіраючы сіняе неба, Курган Славы, бачны з усіх бакоў, авяваемы ўсімі вятрамі. I кожны, хто ідзе, або едзе міма, абавязкова схіліць галаву перад подзвігам воінаў-вызваліцеляў. Першая жменя зямлі легла ў Курган Славы 20 лістапада 1967 года. Сотні тысяч людзей несл ісюды зямлю з родных мясцін, з усіх куткоў Беларусі, палітых крывёю. На Кургане Славы зямля прывезена з гарадоў - герояў, са славутай Брэсцкай крэпасці, з усіх памятных мясцін рэспублікі.

Па ўсёй зямлі маёй далёка, блізка—

 Дзе быў баёў цяжкіх раён,

Стаяць маўкліва абеліскі

3 імёнамі і без імён.

Іхгуста травы аплятаюць

 Да самыхзорак угары.

 Ім вершы звонкія чытаюць

 Тугія летнія вятры.

У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны Беларусь увайшла  як партызанская рэспубліка. Беларускі народ узняўся на барацьбу супраць гітлераўскіх захопнікаў за свабоду і незалежнасць Радзімы.

Усе: дарослыя і дзеці, старыя і юнакі, узялі ў рукі зброю.

Суровы час. Мая Радзіма.

Гарыць у полымі вайны.

3 паходнай кайстрай за плячыма

На зборны пункт ідуць сыны.

Яны надоўга пакідаюць

 Свой родны дом, свой мілы кут,

Усіх, усіх, каго кахаюць,

Усё, усё, што люба тут.

Масавы партызанскі рух дапамагаў набліжаць Перамогу. У выніку барацьбы з ворагам у канцы 1943 года партызаны вызвалілі значную частку Беларусі — каля 60 %. Многія з удзельнікаў і арганізатараў партызанскага руху дажылі да Перамогі, але шмат хто загінуў. За доблесць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, звыш 300 000 (трохсот) салдат і афіцэраў — ураджэнцаў Беларусі — былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а каля 400 (чатырохсот) воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Многія нашы землякі не вярнуліся з вайны, аддалі свае жыццё за наша светлае будучае, за мірнае неба над намі. Многія прапалі без вестак...

Не выйшаў ты і ў гэты раз

 Мяне спаткаць, паднесці рэчы...

Ля весніц толькі зноў твой вяз

 Крануў галінамі за плечы.

Ты мне не падасі рукі,

 Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта...

Ці бачыш, вырас сын які?

 Скажы хоць слова для прывета.

А я... чакаў з усіх дарог

Цябе ў сорак чацвёртым... летам.

Калоны ні адной не мог

Я прапусціць з ахапкам кветак.

Хацелася пачуць: "Сынок..."

 I крыкнуць радаснае: "Тата!"

 Бацькоўскім быў мне кожны крок...

 Усё ішлі, ішлі салдаты.

Паверыць цяжка мне таму,

 Што больш не прыйдзеш ты дадому.

А шапку я заўжды здыму

 Перад магілай невядомай...

1944 год. Вызваленне Беларусі. Думкі тых, хто яшчэ ваяваў, і тых, хто выжыў на акупіраванай і зруйнаванай тэрыторыі, былі звязаны з мірнай працай, з марамі пра шчасце. Але для Перамогі патрэбна была мабілізацыя ўсіх фізічных і маральных сіл народа. I перш за ўсё — патрэбна была вера ў Перамогу.

Мінаюць дзесяцігодцзі. Вырастаюць пакаленні. Але і сёння застаецца народная ўдзячнасць і памяць пра подзвіг беларускага народа, застаецца і гэтая свабодная зямля, і лёс, і цішыня пад мірным небам, за якую змагаліся і перамаглі абаронцы Радзімы

Кожны чацвёрты быў мёртвы

 — мір і спакой ім вечны!

Кожны трэці быў змораны,

 скалечаны і знявечаны.

Кожны другі на целе

 меў раны, апёкі ці шрамы.

I ўсе мы, усе мы мелі

на душы сваёй раны.

Лічым: чацвёрты кожны.

А можа, кожны трэці?

Голадам падкошаныя,

паміралі дзеці.

Яшчэ мы не ўлічылі

 тых, хто лячылі раны,

 раны не залячылі,

рана паміралі.

 Колькі прапала без вестак,

Без пахавання, памінак!

А колькі потым дзетак

узарвалася на мінах!

Лічым: кожны чацвёрты,

А той рахунак прыблізны,

А той рахунак няцвёрды,

А урон яшчэ больш вялізны.

Памяць – гэта, несумненна, самае дарагое, чым узнагародзіла прырода чалавека. Яна не падуладная часу. Наш боль аб паўшых ніколі не сціхне, памяць пра іх будзе заўжды… Пакуль жыве памяць – жыве чалавек, жыве краіна.

 Беларусь памятае сваіх герояў, удзячна ім за подзвіг, за жыццё. І мы з гонарам гаворым: мы – грамадзяне Беларусі!  

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.